Аддзел па адукацыі Лунінецкага райвыканкама
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Любанская яслі-сад- сярэдняя школа Лунінецкага раёна”
Баявы шлях нашых аднавяскоўцаў
Прадмова
Выхаванне чалавека, патрыёта пачынаецца з маленства, з мамінай калыханкі, са спагадлівых, беражлівых адносін да ўсяго роднага. Радзіма пачынаецца з таго маленькага куточка, імя якому – Бацькаўшчына. Ведаць свой край, раён, вёску – гэта і ёсць вывучэнне спадчыны. І вяртацца да яе - неабходная ўмова жыцця кожнага чалавека.
Калі род трывалы, у ім заўсёды ёсць сямейныя легенды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Тое ж і з паселішчам – калі ў яго ёсць легенды і паданні, значыць, яно мае сваю гісторыю і будзе мець будучыню праз людзей, якія гэтыя паданні захоўваюць. І яшчэ – чалавек засвойвае іх з дзяцінства, а засвоіўшы, як частку свайго светаўспрымання, нязмушана перадае нашчадкам.
Уявіце сабе, што ёсць на Беларусі куточак зямлі, дзе кожнае дзіця ведае паданні і легенды роднага краю і што ёсць у школе летапіс, у які кожны год упісваецца новая старонка, што шануюць там знакамітых землякоў і ўвекавечваюць іх памяць.
Захаванне і працяг даўніх традыцый – вось адметная рыса жыхароў вёскі Любань Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. А асабліва педагагічнага калектыву і вучняў школы, таму што менавіта іх стараннямі ў школе існуе музей “Гісторыі вёскі Любань”. Ён гасцінна расчыніў дзверы 28 жніўня 1987 года.
У гістарычным лёсе кожнай вёскі ёсць падзеі, якія ўшаноўваюцца многімі пакаленнямі людзей. Шэсцьдзесят пяць гадоў аддаляюць нас ад апошніх выбухаў Вялікай Айчыннай вайны. Тэрмін немалы, калі суразмерыць яго з працягласцю чалавечага жыцця, але зусім нязначны для глыбіннай памяці і бясконцай удзячнасці ўсім, хто выстаяў, выпакутаваў, выратаваў свет ад нямецка-фашысцкай навалы. У школьным музеі ёсць зала, якая прысвечана ўшанаванню памяці землякоў, якія змагаліся ў гады вайны. 91 жыхар загінуў. Працягваецца збор матэрыялаў аб вызваліцелях нашага краю. Знойдзены і змешчаны фотакарткі ўсіх ветэранаў вайны і партызанаў, якія прымалі ўдзел у вызваленні вёскі, рэспублікі, СССР, і нават некаторыя з іх дайшлі да Берліна, а таксама ваявалі ў іншых краінах. Акрамя фотакартак, змешчаны матэрыялы пра жыццёвы і ваенны шлях герояў, іх асабістыя рэчы: чырвонаармейскія кніжкі, ваенныя білеты, даведкі аб раненнях, пасведчанні аб вызваленні ад воінскай павіннасці.
Зала “Ішла вайна народная” змяшчае 213 экспанатаў і раздзелена на экспазіцыі:
“Шануем, помнім, схіляем галовы”, “Вайна ў лёсе тваім і маім”, “Не старэюць душой ветэраны”, “Жыццё, апаленае вайной”, “Лахвенскае гета”, “Сінкевіцкае падполле”, “Па слядах памяці”, “Ветэраны заўсёды побач”, “У маёй душы баліць Афганістан”.
Музей як цэнтр ідэалагічна-маральнага выхавання
На пачатку XXI стагоддзя назіраецца збядненне духоўнага свету навучэнца, страчваецца сувязь з культурнай спадчынай народа. Каб паправіць такое становішча, неабходна зрабіць адкрытай адукацыйна-выхаваўчую сістэму сучаснай школы, а гэта прадугледжвае пашырэнне супрацоўніцтва з рознымі сацыяльнымі інстытутамі грамадства, што забяспечвае стварэнне адзінай выхаваўчай прасторы і аптымізацыю працэсу навучання. Асаблівае месца сярод сацыяльных інстытутаў, з якімі неабходна ўзаемадзейнічаць школе, займае музей. Музей з’яўляецца ўстановай культуры, якая шматбакова ўздзейнічае на асобу ў плане фарміравання яе светапогляду, маральна-этычнага, патрыятычнага, эстэтычнага выхавання.
Галоўная мэта музея – абараняць, ратаваць і захоўваць найкаштоўнейшае грамадскае багацце і арганізоўваць яго сустрэчу з людзьмі. Музей - гэта скарбонка каштоўнасцей, назапашаных чалавецтвам, сведчанняў гісторыі, якія могуць быць мэтанакіравана выкарыставаны ў вучэбна-выхаваўчым працэсе школьнікаў сродкамі мастацтва.
Асноўныя накірункі дзейнасці музея:
-удасканаленне працэсу патрыятычнага выхавання;
-ваенна-патрыятычнае;
-маральнае выхаванне;
-арганізацыйна-масавы накірунак;
-гісторыка-краязнаўчы накірунак.
Музей – захавальнік памяці. А гістарычная памяць патрэбна ва ўсе часы і ў любой дзяржаве. Школьны музей цесна звязаны з краязнаўствам. А краязнаўства – гэта заўсёды любоў да роднага краю. Краязнаўства выклікае цікавасць і выхоўвае павагу да нашых вытокаў, да роднай зямлі. У зборы матэрыялаў па краязнаўству прымаюць удзел не толькі навукоўцы, але і простыя настаўнікі, і нават вучні. Веды пра малую радзіму садзейнічаюць фарміраванню любові да яе, беражлівых адносін да ўсяго, што прыйшло ад продкаў. Дзякуючы краязнаўству вучань мае магчымасць зразумець, што:
-корні чалавека – у гісторыі і традыцыях сваёй сям’і, свайго народа, у мінулым роднага краю і дзяржавы;
-на працягу гістарычнага працэсу з пакалення ў пакаленне перадаюцца вечныя каштоўнасці і любоў да працы, сумленнасць, справядлівасць, пачуцці нацыянальнай годнасці, сяброўства, павага да старэйшага пакалення, абавязак, міласэрнасць, гаспадарлівасць.
Удзел вучняў у працы школьнага музея мае вялікае выхаваўчае значэнне, так як вучыць “глядзець” вакол сябе і “бачыць”, вучыць атрымліваць веды ад жыцця.
У Любанскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей. Стварэнню музея папярэднічала доўгая краязнаўчая праца па зборы матэрыялаў пра родную вёску. А расказаць ёсць аб чым, гісторыя багата на падзеі. Гартаючы старонкі пражытых гадоў, вывучаючы экспанаты, якія захоўваюцца ў музеі, можна пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення вёскі, даведацца пра дарэвалюцыйныя гады, Вялікую Айчынную і Афганістанскую войны, як праходзіла калектывізацыя, аб перыядзе росквіту калгаса “Новае Палессе”, аб гісторыі роднай школы. У ходзе працы па зборы матэрыялаў і іх афармленні ў школе сфарміравалася ініцыятыўная група з настаўнікаў і вучняў, якая пакладзена ў аснову гісторыка-краязнаўчай працы школы.
Асноўнай задачай работы музея школы з’яўляецца фарміраванне ў вучняў любові да Радзімы, гонару за свой народ, захаванне традыцыі свайго роднага краю, сваёй малой Радзімы – вёскі Любань. Каб абудзіць цікавасць да вывучэння гісторыі краю, яго традыцый, звычаяў і культуры, гэту працу ў школе пачынаем з малодшых класаў, развіваем беражлівыя адносіны да культуры, звычаяў, традыцый. Чым глыбей дзеці ўнікаюць у гісторыю, культуру сваіх продкаў, тым бліжэй становяцца ім родныя карані землякоў, сваёй нацыі і народа. Вось таму гісторыка-краязнаўчы музей, які дзейнічае ў школе, стаў цэнтрам патрыятычнага выхавання падлеткаў і служыць для развіцця кругагляду, цікавасці да гісторыі вучняў усіх узростаў, так як сабраныя імі экспанаты, матэрыялы размешчаны ў музеі. Гістарычныя факты з гісторыі роднага краю вядуць наведвальнікаў ад простага сузіральніцтва да паглыбленага вывучэння іх зместу. Савет музея рэгулярна праводзіць тэматычныя гутаркі, лінейкі, зборы, дыспуты, прысвечаныя вялікім гістарычным падзеям. Усё гэта натхняе актыў музея на новыя пачынанні, на далейшае развіццё гісторыка-краязнаўчай працы, на папаўненне музея экспанатамі.
Збіраючы і афармляючы матэрыялы, удзельнікі краязнаўчага гуртка пазнаюць сваю малую радзіму, вывучаюць гісторыю не па падручніках, а на канкрэтных лёсах аднавяскоўцаў, адным з ключавых напрамкаў доследаў з’яўляецца вывучэнне канкрэтнага чалавечага лёсу, аповед пра які вучыць мужнасці, высакароднасці, гонару. Пошукавай працай займаюцца вучні 6-11 класаў.
Школьны музей стаў адной з нітак, што звязваюць усе напрамкі дзейнасці школы па вывучэнні гісторыі нашай вёскі: гістарычнага мінулага, культуры, экономікі. Галоўным у рабоце музея з’яўляецца пошукавая праца, якая развівае творчасць, пазнавальную цікавасць вучняў.
Багаты фонд музея, сабраны настаўнікамі, вучнямі, бацькамі, аднавяскоўцамі, не ляжыць мёртвым капіталам, а актыўна выкарыстоўваецца ў вучэбнай і выхаваўчай рабоце школы, для напісання сачыненняў, класных гадзін, сустрэч, экскурсій. На працягу 2008/2009 навучальнага года, акрамя вучняў школы музей наведалі 42 вучні Мікашэвіцкай гімназіі імя Нядзведскага, 40 вучняў Чэрабасаўскай сярэдняй школы.
Асноўны фонд музея складаюць экспанаты, перададзеныя жыхарамі вёскі. Дзверы музея заўсёды адчынены для ўсіх, хто не раўнадушны да гісторыі вёскі, лёсаў людзей, чыя біяграфія ўпісана ў гэту гісторыю. Мы ўпэўнены, што наша праца не дарэмная. Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць аб чым расказаць сябрам і блізкім. Няхай не ўсе вучні стануць краязнаўцамі, але ніхто з іх не стане раўнадушным да сваёй зямлі, да сваёй гісторыі.
Вайна ў лёсе тваім і маім
У гісторыі супадзенні адбываюцца значна часцей, чым нам гэта здаецца. Вось і адзіная дата — 10 ліпеня — з розніцай у 3 гады акрэслена для жыхароў Лунінеччыны адначасова чорнай і чырвонай датамі. 10.07.1941 — дзень акупацыі горада і раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 10.07.1944 — дзень вызвалення раёна войскамі Чырвонай Арміі і партызанамі.
Вайна... Яна па-рознаму ўварвалася ў жыццё кожнага чалавека. Ужо сцякала крывёю Брэсцкая крэпасць, а на Лунінеччыне яшчэ працягвалася мірная ноч, і толькі раніца прымусіла ўздрыгнуць ад чорнай весткі.
3 успамінаў Марыі Іванаўны Шэўчык, жыхаркі в. Любань:
— 22 чэрвеня, як заўсёды, прачнулася рана — трэба было гнаць на пашу кароў. Чую бацькаў ціхі голас да маці: "Збяры гэтыя паперкі і спалі, каб дзеці не бачылі". Я нават не зразумела, аб чым гаворка. Толькі калі выгнала жывёлу на луг, здагадалася: уся трава была пакрыта белымі лістоўкамі. Падняла адну- чытаю прыкладна наступнае: Брэст і Мінск знішчаны, Чырвоная Армія разбіта, салдатам прапаноўваюць здацца ў палон і абяцаюць райскае жыццё, а насельніцтву — выдаваць савецкіх актывістаў.
Колькі бачыла гэтых папер — пазбірала. Потым з іх касцёр распаліла і зварыла сабе яйкі на снеданне. А калі дамоў вярнулася, то ўсе вяскоўцы ўжо ад радыё не адыходзілі: слухалі паведамленне Масквы.
Так дакацілася вайна да нашай вёскі. У зале “Ішла вайна народная” сабраны матэрыял ваенных часоў. Экспазіцыя налічвае - 53 экспанаты:
-фотакарткі ветэранаў;
-фотакартка 1943 года “Байцы брыгады імя Кірава”;
-фотакартка 1943 года “Сафановіч Г.Я. з франтавымі сябрамі”;
-пісьмо з фронту;
-падзяка ветэрану Жыгарэвічу Ф.Д. за ўзяцце Берліна, 1945 год – 2 штукі;
-фотакартка Калянковіча П.С., 1947 год;
-грамата за ўзяцце Берліна Калянковічу П.С., 9 мая 1945 года;
-ганаровая грамата ўдзельніка блакады Проца М.П.;
-фотакартка Проца М.П. з баявымі сябрамі, 1944 год;
-чырвонаармейская кніжка Проца М.П., 1940 год;
-ваенны білет № 109533 Янковіча М.У.;
-даведка аб раненні Янковіча М.У.;
-фотаздымак трох братоў Заступневічаў, 1940 год ( два з іх загінулі на фронце);
-пасведчанне № 695880 Сергіевіча В.Ф. да медаля “За баявыя заслугі”;
-фотаздымкі сям’і Канапацкіх.
Дарэчы, у музеі ёсць экспазіцыя, якая прысвечана юнаму герою-антыфашысту – Канапацкаму Паўліку з суседняй вёскі Лахва, якому не было яшчэ і 14 гадоў, калі ён стаў кемлівым разведчыкам і мужным партызанам. Звесткі аб ім знаходзяцца ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе Мінску.
Шануем, помнім, схіляем галовы
Воіны-землякі, якія загінулі ці прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны
ВЁСКА ЛАХАЎКА
АНТАНОВІЧ Мікалай Фёдаравіч, радавы, стралок 1313 сп 173 сд, памёр ад ран 16.12.1944, пахаваны ў в.Францішкава Сувалкаўскага в-ва (Польшча).
АПЕНЬКА Сямён Іванавіч, н. у 1906, радавы, стралок 358 сп 136 сд, загінуў 17.01.1945, пахаваны ў фальварку Пвакі Насельскага павета (Польшча).
БАГУК Аляксей Цярэнцьявіч, н. у 1918, радавы, сапёр 25 пантон-сапёр. 6-на, прапаў без вестак у кастрычніку 1944.
БАРЫШЫН Павел Пятровіч, н. у 1919, радавы, стралок, прапаў без вестак у кастрычніку 1944.
БУРЛАК Мікалай Прохаравіч, н. у 1925, радавы, стралок, загінуў 1.02.1944, пахаваны ў в.Дуброўка Парфінскага р-на Наўгародскай вобл. (Расія).
ГЕРАСІМОВІЧ Іван Емяльянавіч, н. у 1920, радавы, стралок, памёр ад ран 6.01.1945, пахаваны ў г.Седліце (Польшча).
ДЗЕМІДОВІЧ Сцяпан Конанавіч, н. у 1914, радавы, стралок 342 сп 136 сд 47 ск 70 арміі, загінуў 2.03.1945, пахаваны ў в.Грос-Пецеркаў Кашалінскага павета Кашалінскага в-ва (Польшча).
ЕМЕЛЬЯНОВІЧ Дзмітрый Пятровіч, н. у 1904, радавы, стралок 358 сп 136 сд, памёр ад ран 26.10.1944, пахаваны ў в.Вяльёнцын Заторскага павета (Полыпча).
ЗАСТУПНЕВІЧ Аляксей Ільіч, н. у 1904, ра-давы, стралок, прапаў без вестак у студзені 1945.
ЗАСТУПНЕВІЧ Іван Апанасавіч, н. у 1922, радавы, стралок, прапаў без вестак у студзені 1945.
ЗАСТУПНЕВІЧ Іван Ільіч, радавы, стралок 1320 сп 413 сд, загінуў 25.02.1945, пахаваны ў лясніцтве Роцберг Швецкага павета (Польшча).
ЗАСТУПНЕВІЧ Іван Раманавіч, н. у 1920, радавы, стралок 20 тбр, памёр ад ран 6.05.1945, пахаваны ў г.Познань (Польшча).
ЗАСТУПНЕВІЧ Пётр Ісакавіч, н. у 1901, радавы, стралок, прапаў без вестак у маі 1945.
ЗАХАРКЕВІЧ Павел Фёдаравіч, н. у 1916, радавы, стралок 34 пантон.б-на, прапаў без вестак у ліпені 1944.
ЗАХАРКЕВІЧ Якаў Іванавіч, н. у 1906, радавы, тэлефаніст 830 ап, загінуў 30.03.1945, пахаваны ў в.Мшані Кракаўскага в-ва (Польшча).
КАЛЯНКОВІЧ Аляксей Міхайлавіч, н. у 1904, радавы, стралок, прапаў без вестак у верасні 1944.
КАЛЯНКОВІЧ Сцяпая Лукіч, н. у 1912, радавы, стралок, памёр ад ран 25.02.1945, пахаваны ў г.Хойніцэ (Польшча).
КАЛЯНКОВІЧ Фёдар Савіч, н. у 1902, радавы, стралок, загінуў 4.02.1945, пахаваны ў в.Турнітчэ Торуньскага в-ва (Польшча).
КАНАНОВІЧ Ілья Фёдаравіч, н. у 1906, радавы, стралок, загінуў у кастрычніку 1944 пад г.Варшава (Польшча).
КАЦУБА Іван Піліпавіч, радавы, стралок, загінуў 24.10.1944, пахаваны ў в.Воля Кельпінска Варшаўскага в-ва (Польшча).
КУЗЬМІЧ Аляксей Апанасавіч, н. у 1906, радавы, стралок 358 сп 136 сд, загінуў 6.12.1944, пахаваны ў в.Шадкі Варшаўскага в-ва (Польшча).
ЛУКАШЭВІЧ Мікалай Аляксеевіч, н. у 1909, радавы, стралок 346 сп 56 сд, памёр ад ран у лютым 1945.
ЛУКАШЭВІЧ Рыгор Андрэевіч, н. у 1898, радавы, стралок, прапаў без вестак у жніўні 1944.
ЛУСЕВІЧ Іван Фёдаравіч, н. у 1919, радавы, стралок, прапаў без вестак у кастрычніку 1944.
ЛУШЧЫК Васіль Іванавіч, н. у 1918, радавы, стралок, прапаў без вестак 12.08.1941.
ЛУШЧЫК Васіль Паўлавіч, н. у 1912, радавы, стралок 698 сп 146 сд, загінуў 23.11.1344, пахаваны ў в.Берзе р-н Добеле (Латвія).
МАКСІМОВІЧ Адам Пятровіч, н. у 1921, радавы, сапёр 14 інж.-сапёр. бр, загінуў 2.03.1945, пахаваны ў в.Уда, р-н н. п. Прэйсіш-Старгорд (Польшча).
МАКСІМОВІЧ Іван Пятровіч, н. у 1921, радавы, сапёр 169 інж.-сапёр.б-на, загінуў 2.03.1945, пахаваны ў в.Уда (Польшча).
МАКСІМОВІЧ Іван Яфімавіч, радавы, стралок 342 сп 136 сд, загінуў 23.10.1944, пахаваны ў в.Воля Кельпінска Варшаўскага в-ва (Польшча).
МАКСІМОВІЧ Ілья Іванавіч, радавы, стралок 342 сп 136 сд, загінуў 23.10.1944, пахаваны ў в.Воля Кельпінска Варшаўскага в-ва (Польшча).
МАКСІМОВІЧ Лука Васільевіч, н. у 1927, радавы, стралок 1287 сп 110 сд, загінуў 8.02.1945, пахаваны ў г.Хальсверг (Усходняя Прусія).
НЕФІДОВІЧ Давыд Аксенцьевіч, гв. радавы, стралок 198 гв. сп 68 гв. сд, загінуў 27.12.1944, пахаваны ў в.Алшонімедзь (Венгрыя).
ПАЛАШЫН Іван Нічыпаравіч, н. у 1900, радавы, стралок 152 азсп, памёр ад ран 30.08.1945, пахаваны ў в. Мюль-Розін акругі Мекленбург (Германія).
ПІЛІПЦЭВІЧ Іван Дзмітрыевіч, н. у 1918, радавы, стралок 525 сп 171 сд, загінуў 11.03.1945, пахаваны ў м.Лохенцын Шчэцінскага в-ва (Польшча).
ПІЛІПЦЭВІЧ Міхаіл Мікалаевіч, радавы, стралок 252 сп 70 сд, памёр 29.01.1945, пахаваны наст.Малкі Гусна Варшаўскага в-ва (Польшча).
РАДКЕВІЧ Рыгор Антонавіч, н. у 1905, радавы, стралок, прапаў без вестак у кастрычніку 1945.
СЕРГІЕВІЧ Іван Андрэевіч, н. у 1923, радавы, стралок, прапаў без вестак у кастрычніку 1944.
СЕРГІЕВІЧ Міхаіл Васільевіч, радавы, стралок 358 сп 136 сд, загінуў 22.10.1944, пахаваны ў г.Сяроцк Варшаўскага в-ва (Польшча).
ФЕЛЬДМАН Аляксандр Аркадзьевіч, радавы, стралок, памёр ад ран 28.03.1945, пахаваны на могілках "Тата" (Венгрыя).
ШЭЎЧЫК Васіль Сцяпанавіч, н. у 1924. радавы, стралок, прапаў без вестак у маі 1945.
ШЭЎЧЫК Міхаіл Іванавіч, радавы, стралок 342 сп 186 сд, загінуў 22.10.1944, пахаваны ў в.Караліна Варшаўскага в-ва (Польшча).
ШЧАГРЫКОВІЧ Адам Яўхімавіч, н. у 1918, радавы, стралок 450 мтсп 198 мтсд, прапаў без вестак у ліпені 1941
ШЧАГРЫКОВІЧ Якаў Яфімавіч, н. у 1908, радавы, стралок 698 сп 146 сд, загінуў 24.11.1944, пахаваны ў г.Добеле (Латвія).
ЯНКОВІЧ Андрэй Паўлавіч, н. у 1921, радавы, стралок 224 сп 162 сд, загінуў 25.10.1944, пахаваны ў в.Ізбіца Варшаўскага в-ва (Польшча).
ЯНКОВІЧ Міхаіл Уладзіміравіч, радавы, стралок 358 сп 136 сд, загінуў 21.10.1944, пахаваны ў г.Сяроцк Варшаўскага в-ва (Польшча).
ЯРАХОВІЧ Іван Герасімавіч, н. у 1919, радавы, стралок, прапаў без вестак у красавіку 1945.
ЯРАХОВІЧ Кандрат Іванавіч, н. у 1900, радавы, стралок 342 сп 186 сд, загінуў 6.02.1945, пахаваны ў г.Торн Паморскага в-ва (Польшча).
ЯРАХОВІЧ Павел Яўхімавіч, н. у 1907, гв. радавы, стралок 198 гв. сп 68 гв. сд 30 ск 26 арміі, памёр ад ран 31.12.1944, пахаваны ў м.Очаг.Будапешт (Венгрыя).
ЯРАХОВІЧ Піліп Сямёнавіч, н. у 1917, радавы, стралок 698 сп 146 сд, загінуў 30.04.1945, пахаваны ў м.Ліхценберг р-н Вайс-Тауберг г.Берлін (Германія).
ЯРАХОВІЧ Яўхім Іванавіч, н. у 1904, радавы, стралок 525 сп 171 сд, загінуў 27.02.1945, пахаваны ў в.Ной-Нанцікаў Гожаўскага в-ва (Польшча).
ВЁСКА ЛЮБАНЬ
АНТАНОВІЧ Міхаіл Іванавіч, н. у 1922, радавы, кулямётчык 2 мс 6-на 49 мсд, загінуў 23.04.1945, пахаваны ў м.Нойпецерсхайм (Германія).
АНТАНОВІЧ Пётр Мікалаевіч, н у 1920, радавы, стралок 1225 сп 369 сд, загінуў 25.04.1945, пахаваны наст.Казенаў (Германія).
БУНЕВІЧ Андрэй Кузьміч, н. у 1908, радавы, стралок, загінуў 23.10.1944, пахаваны ў в.Шадкі Варшаўскага в-ва (Польшча).
ДЗЕМІДОВІЧ Сцяпан Іванавіч, н. у 1904, радавы, стралок, загінуў 2.04.1945, пахаваны ў г.Хейдэбрэк (Германія).
ДЗЕМІДОВІЧ Фёдар Іванавіч, н. у 1921, радавы, стралок 342 сп 136 сд, загінуў 23.10.1944, пахаваны ў в.Воля Кельпінска Варшаўскага в-ва.
ДЗЕНІСЕНЯ Сцяпан Савельевіч. н. у 1912, радавы, стралок, прапаў без вестак у кастрычніку 1944.
ЗАБАБУХА Павел Дзмітрыевіч, н. у 1910, радавы, стралок, прапаў без вестак у верасні 1944.
ЗАБАБУХА Якаў Ігнатавіч, н. у 1919, радавы, стралок 595 сп 122 сд, загінуў 26.07.1941, пахаваны ў п.Кайралы Мурманскай вобл. (Расія).
ІЛЬЧЫК Піліп Іванавіч, н. у 1900, радавы, стралок 698 сп 146 сд, загінуў 23.11.1944, пахаваны ў в.Туцес (Латвія).
КАЗАДОЙ Аляксандр Карнеевіч, радавы, стралок 291 сп 63 сд, загінуў 17.01.1945, пахаваны ў в.Дабравольск Калінінградскай вобл.(Расія).
КАЛОШЫЦ Міхаіл Васільевіч. Н. у 1923, радавы, стралок, прапаў без вестак у маі 1945.
КАЦУБА Фёдар Міхайлавіч, н. у 1922, радавы, стралок, прапаў без вестак у студзені 1945.
КІШКЕВІЧ Сцяпан Іванавіч, н. у 1921, радавы, стралок 698 сп 146 сд, загінуў 26.04.1945, пахаваны ў г.Берлін (Германія).
КРАСНІКЕВІЧ Сцяпан Герасімавіч, н. у 1903, радавы, стралок 171 сд, памёр ад ран 21.04.1945, пахаваны ў г.Ландсберг (Германія).
КРЫШТАЛЬ Васіль Іосіфавіч, н. у 1908, радавы, стралок 525 сп 171 сд, загінуў 25.11.1944, пахаваны ў г.Добеле (Латвія).
ЛУСЕВІЧ Адам Міхайлавіч, н. у 1902, радавы, стралок 34 пантон.б-на, прапаў без вестак у ліпені 1944.
НІКАЛАЕВІЧ Іван Сямёнавіч, радавы, стралок 358 сп 136 сд, загінуў 27.10.1944, пахаваны ў в.Шадкі Варшаўскага в-ва (Польшча).
НІКАЛАЕВІЧ Міхаіл Апанасавіч, н. у 1922, радавы, стралок 698 сп 146 сд, загінуў 24.11.1944, пахаваны ў г.Добеле (Латвія).
ПІЛІПЦЭВІЧ Іван Іосіфавіч, н. у 1903, рада-вы, стралок, загінуў 16.01.1945, пахаваны ў в.Вуйдзеворва (Польшча).
ПІЛІПЦЭВІЧ Павел Сцяпанавіч, н. у 1903, радавы, стралок 34 пантон. б-на, прапаў без вестак у ліпені 1944.
ПІЛІПЦЭВІЧ Сцяпан Фядосавіч, радавы, стралок 581 сп 151 сд, загінуў 7.02.1945, пахаваны ў в.Паль, р-н г.Будожыц (Венгрыя).
ПОУХ Якаў Васільевіч, н. у 1915, радавы, стралок, прапаў без вестак у сакавіку 1945.
САФАНОВІЧ Лука Фёдаравіч. н. у 1902, радавы, стралок, прапаў без вестак у студзені 1945.
САФАНОВІЧ Павел Пятровіч, н. у 1912, радавы, стралок, прапаў без вестак у лютым 1945.
СЕРГІЕВІЧ Васіль Сямёнавіч, н. у 1912, радавы, стралок 269 сп 136 сд, загінуў 26.12.1944, пахаваны ў в.Воля Кельпінска Варшаўскага в-ва (Польшча).
СЕРГІЕВІЧ Мікалай Васільевіч, н. у 1908, радавы, стралок 1082 сп 310 сд, памёр ад ран 27.03.1945, пахаваны ў т.Латэнбург (Германія).
СЕРГІЕВІЧ Фёдар Іванавіч, н. у 1922, радавы, стралок 231 сп 75 сд, прапаў без вестак у кастрычніку 1944.
ШКУТ Андрэй Васільевіч, н. у 1901, радавы, стралок, прапаў без вестак у красавіку 1945.
ШЭЛЕГ Якаў Фаміч, н. у 1899, радавы, стралок 698 сп 146 сд, загінуў 20.02.1945, пахаваны ў в.Нанцікаў, р-н г.Печ Гожаўскага в-ва (Польшча).
ШЭЎЧЫК Васіль Анісімавіч, радавы, стралок 496 сп 148 сд, загінуў 4.04.1945, пахаваны ў в.Насідзель, р-н Егерндорф (Германія).
ШЭЎЧЫК Васіль Сцяпанавіч, н. у 1924, радавы, стралок, прапаў бее вестак 15.011945:
ШЭЎЧЫК Іван Анісімавіч, н. у 1906, радавы, стралок 698 сп 146 сд., загінуў 25.11.194, пахаваны ў г.Добеле (Латвія).
ШЭЎЧЫК Іван Паўлавіч, н. у 1923, радавы, тэлефаніст 901 сп 245 сд, загінуў 17.03.1945, пахаваны ў г.Обер-Глагау (Германія).
ШЭЎЧЫК Ілья Нічыпаравіч, н. у 1909, радавы, стралок, прапаў без вестак у красавіку 1945.
ШЭЎЧЫК Канстанцін ІІіліпавіч, радавы, стралок 372 сп 218 сд, загінуў 23.10.1944, пахаваны ў в.Воля Кельпінска Варшаўскага в-ва (Польшча).
ШЭЎЧЫК Кузьма Ігнатавіч, н. у 1903, радавы, стралок 88 сп 28 сд, прапаў без вестак 3.02.1945 у Мілтаўскім р-не (Латвія).
ШЭЎЧЫК Пётр Фёдаравіч, н. у 1898, радавы, стралок 525 сп 171 сд, загінуў 11.03.1945, пахаваны ў в.Лохенцін Шчэцінскага в-ва (Польшча).
ШЭЎЧЫК Піліп Іванавіч, н. у 1902, радавы, стралок 698 сп 146 сд, загінуў 23.11.1944, пахаваны ў г.Добеле (Латвія).
ШЭЎЧЫК Раман Мікітавіч, н. у 1908, радавы, стралок 342 сп 136 сд, загінуў 24.10.1944, пахаваны ў в.Воля Кельпінска Варшаўскага в-ва(Польшча).
ШЭЎЧЫК Рыгор Васільевіч, н. у 1901, радавы, стралок, загінуў 20.10.1944.
Загінуўшыя мірныя жыхары
ВЁСКА ЛАХАЎКА
БАРЫШЫНЫ, Фёдар П., н. у 1910, яго жонка Арына Савічна, н. у 1911.
БЯГУН Ганна, н. у 1911.
Браты ВЯРТУН (Адамавічы): Іван, н. у 1924, Павел, п. у 1927.
ДЗЕМІДОВІЧ Віктар Якаўлевіч, н. у 1921
ЗАСТУПНЕВІЧ Іван Ф. , н. у 1921.
ЗАХАРКЕВІЧЫ, Фёдар, н. у 1895, яго дачка Таццяна. н. у 1918.
КАЛЯНКОВІЧ Аляксей Міхайлавіч, н. у 1904, участковы міліцыянер Сінкевіцкага с/с, лёс невядомы.
КАЛЯНКОВІЧ Іван, н. у 1878.
КАЛЯНКОВІЧ Марыя, н. у 1928
КАПАТКЕВІЧ Павел С. , н. у 1924
КАПЛІЧ Мікалай, н. у 1922.
КАТОВІЧ Іван Сцяпанавіч, н. у 1927.
КУПРЫЯНОВІЧ Іван Ф., н. у 1927.
МАКСІМОВІЧ Васіль Іванавіч, н. у 1906, участковы міліцыянер Лахвенскага с/с, расстраляны ў 1941.
МАКСІМОВІЧ Віктар, н. у 1904
МАКСІМОВІЧ Рыгор, н. у 1924.
Браты МАКСІМОВІЧЫ (Данілавічы): Іван, н. у 1924, Мікалай, н. у 1926.
РАДКЕВІЧ Яфім Андрэевіч, н. у 1928.
ШЧАГРЫКОВІЧ Дзмітрый, н. у 1922
ШЭЎЧЫК Таццяна, н. у 1911
ШЭЎЧЫК Фёдар Паўлавіч, н. у 1924.
ШЭЎЧЫКІ, Зося Іванаўна, н. у 1910, яе двое дзяцей: Вольга, н. у 1928, Таццяна, н. у 1931.
ЯНКЕВІЧ Міхаіл Ф. , н. у 1926
ЯРАХОВІЧ Канстанцін, н. у 1927
ЯРАШЭВІЧ Іван Фёдаравіч, н. у 1921.
Браты ЯРАХОВІЧЫ (Лукашэвічы) Іван, н. у 1922, Аляксей, н. у 1921.
ВЁСКА ЛЮБАНЬ
Савецкія актывісты вёскі Любань, расстраляныя гітлераўцамі 6.08.1941 у вёсцы Лахва на Паповай Гары:
СЕРГІЕВІЧ Іван Ануфрыевіч, н. у 1882.
СЕРГІЕВІЧЫ, Андрэй Іванавіч, н. у 1888 (расстраляны ў г. Лунінец), яго жонка Праскоўя Якаўлеўна, н. у 1902, іх двое дзяцей: Аляксандр, н. у 1927, Таццяна, н. у 1934.
ШЭЎЧЫК Сцяпан Дзмітрыевіч, н. у 1913.
ШЭЎЧЫК Сцяпан Іванавіч, н. у 1908
ШЭЎЧЫК Харытон Гардзеевіч, н. у 1901, дэпутат с/с,
ШЭЎЧЫКІ, Ігнат, н. у 1887, яго жонка Пелагея Кузьмінічна, н. у 1892, дэпутат с/с.
АНТАНОВІЧ Міхаіл
ДЗЕНІСЕНЯ Сцяпан
ЗАБАБУХА Ганна Паўлаўна, н. у 1924, загінула ад выбуху бомбы ў Жыткавічах.
ЗАБАБУХА Сцяпан Дзмітрыевіч, н. у 1913.
ЗАБАБУХА Харытон Ф., н. у 1903.
ШЧУПАК Іван.
ДЗЕМЯНОВІЧЫ, Фядора Маркаўна, н. у 1901, яе трое дзяцей (Якаўлевічы): Вольга н. у 1925, Іван, н. у 1936, Таццяна, н. у 1939.
ЗАХАРЭВІЧ Фядора.
КУРЫЛОВІЧЫ, Мікіта Сцяпанавіч, яго жонка Настасся Якаўлеўна (да 50 гадоў).
ЛУКАШЭВІЧ Сяргей Аляксандравіч, н. у 1922.
ЛУКАШЭВІЧЫ, Сцяпан Данілавіч. н. у 1910, яго жонка Вольга Іванаўна. н. у 1912, іх двое сыноў: Васіль, н. у 1933, Міхаіл, н. у 1937 .
ПІЛІПЦЭВІЧ Ганна Іосіфаўна, н. у 1892, яе сын Васіль, н. у 1928.
ПІЛІПЦЭВІЧЫ, Хрысціна, н. у 1878, яе сын Павел, н. у 1915, яго жонка Лізавета. н. у 1916, іх двое дачок: Ніна, н. у 1935, Таццяна. н. у 1937.
РАДКЕВІЧ Антон, н. у 1868.
ШЧУПАК Ульяна. Н. у 1859
ШЭЎЧЫК Мікалай Каленікавіч, н. у 1909, у Чырвонай Арміі з 1941, збег з нямецкага палону дамоў, расстраляны ў г. Лунінец.
ШЭЎЧЫКІ, Ганна Іванаўна, яе двое дзяцей (Андрэевічы): Васіль, н. у 1930, Ксенія, яе нованароджаны сын.
ШЭЎЧЫКІ, Кузьма Паўлавіч, н. у 1922, яго дачка Вера, н. у 1941, брат яго жонкі ПІЛІПЦЭВІЧ Сяргей, н. у 1922.
ЯРАХОВІЧ Іван Сцяпанавіч. н. у 1903, павешаны.
ЯРАХОВІЧ Іван Сямёнавіч, н. у 1907.
Не старэюць душой ветэраны
Экспазіцыя змяшчае 16 экспанатаў, у тым ліку найбольш каштоўнымі з’яўляюцца:
-фотаздымак ветэрана Шчагрыковіча І.А., які зроблены ў 1945 годзе;
-копія пасведчання № 0011867 аб узнагароджванні медалём Жукава;
- копія пасведчання № 2375370 аб узнагароджванні медалём “За адвагу” ;
- копія пасведчання аб узнагароджванні юбілейным медалём “50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”;
-даведка з цэнтральнага ордэна Чырвонай зоркі архіва Міністэрства абароны СССР аб узнагароджванні ордэнам “Слава III ступені”;
-чырвонаармейская кніжка Ненадовіча К.Ф. 1940 г.;
-фотаздымак “Байцы знаходзяцца ў засадзе”, 1944 г.
-фотаздымак ветэрана Ненадовіча К.Ф., 1946 год;
-фотаздымак ветэрана Ненадовіча К.Ф., 1948 год;
-фотаздымак групы рабочых, якія працавалі на чыгунцы, 1942 год.
Шчагрыковіч Іван Антонавіч
Нарадзіўся ў 1923 годзе ў в.Лахаўка ў сям'і працоўнага. У сям'і было 8 дзяцей, 6 памерла, засталіся Іван Антонавіч і сястра Таццяна. У 1943 годзе ажаніўся з Палінай Сямёнаўнай, а ў 1944 годзе заклікалі ў войска. З гарадскога пасёлка Мікашэвічы быў адпраўлены ў Фастоў, дзе месяц навучаўся, а затым быў пераведзены ў Польшчу. Іван Антонавіч ваяваў у складзе Першага Беларускага фронту ў 33 дывізіі.
Успаміны ветэрана Івана Антонавіча Шчагрыковіча
Ваяваў на 1-ым Беларускім фронце ў 33 дывізіі, у 164 стралковым палку. Спачатку быў пэтээраўцам. Было дадзена заданне знішчыць фашысцкія танкі. Мы разбілі тры танкіПТР-амі і супрацьтанкавымі гранатамі. За гэты бой быў узнагароджаны медалем "За адвагу". Медаль атрымаў пад Варшавай. У гэты час ішла падрыхтоўка да ўзяцця Варшавы. 14 студзеня 1945 года савецкія войскі перайшлі ў наступ. Яны фарсіравалі Віслу і авалодалі Варшавай. У гэтых баях удзельнічаў і я. З цяжкімі баямі прасоўваліся па польскай тэрыторыі ў кірунку Берліна. Цяжкім быў бой пад горадам Подгостам. Па шляху была адборная 33-тысячная групоўка фашыстаў. Мы іх акружылі. На працягу 12-13 дзён яна капітулявала. У гэтых баях мы знішчылі шмат тэхнікі і жывой сілы ворага. Шмат немцаў было ўзята ў палон.
Пачалася нямецкая тэрыторыя. Ішлі вельмі цяжкія баі. У гэты перыяд мне прысвоілі званне малодшага сяржанта. З баямі пайшлі да Одэра. Тут прызначылі мяне камандзірам аддзялення. Баі меліся быць цяжкія: наперадзе былі добра ўмацаваныя абарончыя лініі ворага. Асабліва моцна была ўмацавана абарончая лінія Манегрэйма. Па іх меркаванню, яна была непрыступнай, але савецкія войскі фарсіравалі Одэр і з цяжкімі баямі завалодалі гэтымі абарончымі межамі.
За баявыя дзеянні ў гэты перыяд я быў узнагароджаны ордэнам славы III-ступені. У складзе майго аддзялення быў снайпер Галавін, старшына, які ў гэтых баях знішчыў з снайперскай вінтоўкі 70 фашыстаў.
З баямі прасоўваліся далей да сталіцы фашысцкай Нямеччыны. 13 красавіка былі на подступах да Берліна. 18 красавіка ўжо ўступілі ў Берлін. З цяжкімі баямі авалодала яго ўскраінамі 33 дывізія, а з ёй і наш 164 полк. Прасоўваліся наперад з моцнымі баямі.
Фашысты чапляліся за кожную хату, вуліцу, толькі б не дапусціць нас да цэнтра.
Палку было даручана авалодаць рэйхстагам. Нам не давялося гэтага зрабіць: вельмі шмат у палку было забітых і параненых.
Мы падышлі ўшчыльную да рэйхстага, былі ў тым парку, дзе шпацыравалі і адпачывалі Гітлер і іншыя начальнікі ў вольны час, але ўзяць рэйхстаг нам не ўдалося. Узяў яго 88 полк нашай дывізіі.
Нашай 33 дывізіі было прысвоена званне Берлінскай, бо яна першай увайшла ў Берлін і працягвала ваяваць, пакуль немцы не капітулявалі. Я быў лёгка паранены, таму застаўся ў баі. Гэта было 28 красавіка. Яшчэ прыйшлося ваяваць тры цяжкія дні. 2 мая скончылася вайна, усюды віселі белыя сцягі. Мы ўжо па вуліцах праходзілі строем. Вораг быў пабіты.
Дахаты вярнуўся ў 1947 годзе, працаваў брыгадзірам, потым намеснікам брыгадзіра. Разам з жонкай выхавалі чацвярых дзяцей.
Жыццё, апаленае вайной
11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гэты дзень устаноўлены па ініцыятыве ААН у памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні, якое, даведаўшыся аб наступленні Савецкай Арміі, 11 красавіка 1945 года ўзнялі вязні Бухенвальда.
Адна з самых чорных старонак вайны – трагедыя непаўналетніх вязняў фашызму. Гітлераўцы груба парушылі Гаагскую Канвенцыю 1907 года аб адносінах бакоў, што ваююць, да дзяцей. Іх праца выкарыстоўвалася на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, іх здароўе пагаршалася холадам і голадам умоў існавання, жыццё пастаянна падвяргалася небяспецы. Дзеці станавіліся заложнікамі, донарамі, біялагічнай сыравінай для злачынных “медыцынскіх эксперыментаў” нацыстаў.
Вайна... як многа страт, бед яна прынесла, як многа жыццяў паламала, навіснуўшы грознай хмарай і схаваўшы сонца – любоў і мір, якія так патрэбны кожнаму чалавеку. Бязлітасны час, дзе няма месца жалю і слабасці. Удумайцеся, наколькі сумяшчальныя словы “дзеці” і “вайна”. Дзеці – анёлы, якія прыйшлі ў гэты свет для таго, каб год за годам пазнаваць жыццё, пакахаць, а пазней заводзіць уласныя сем’і. Многія дзеці, народжаныя ў час вайны, не зведалі бацькоўскай любові і былі забітыя. Іх талентам не наканавана было раскрыцца. Колькі цікавых лёсаў не было пражыта! Нельга забываць пры тых, што былі забіты, але яшчэ важней памятаць пра сведак вайны, якія жывуць і сёння.
З вёсак Любань і Лахаўка непоўналетнімі вязнямі былі:
Калошыц Паўла Цімафееўна; Міхайлоўская Вера Аляксееўна;
Кузьміч Марыя Фёдараўна; Якубовіч Таццяна Фёдараўна;
Пракапчук Мікалай Лук’янавіч; Піліпцэвіч Іван Іванавіч;
Радкевіч Настасся Дзмітрыеўна.
3 успамінаў Паўлы Цімафееўны Калошыц
Нарадзілася я ў вёсцы Мілевічы Пінскай вобласці Ленінскага раёна ў 1932 годзе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, немцы ў нашу вёску прыйшлі ў 1943 годзе. Людзі пачалі ўцякаць ў лес, наша сям'я таксама збегла. Немцы паўсюль аб'яўлялі, каб людзі вярталіся дахаты, яны гарантавалі жыццё, а інакш будуць вымушаны спаліць дамы. Бацькі вырашылі вярнуцца дамоў. Раніцай з'явіліся карнікі, пасадзілі ўсю сям'ю на лаву і адчынілі дзверы. Я збегла—фашысты мяне не кранулі. Усіх распранулі і загналі ў хлеў. Старэйшую сястру немцы забралі на прымусовыя работы ў Германію. Бацьку прымусілі выганяць жывёлу з хутароў у вёску. 3 усёй нашай сям'і (а было восем чалавек) засталося толькі трое — я, бацька і старэйшая сястра Ганна. Малодшага брата Валодзьку спалілі ў хляве. Тады людзі ўцякалі, хаваючыся за авечкамі, і я так уцякала, хаця фашысты стралялі па людзях. Мне пашанцавала, і я выжыла. Пасля пагналі тых, каго не спалілі, у Старобін, потым -у Слуцк. Там мяне пасадзілі ў другую камеру, як непоўнагадовую. Мяне і яшчэ трох бабулек рыхтавалі да расстрэлу.
Мне і тут пашанцавала. Дзядзька, які быў у суседняй камеры, выпрасіў мяне ў часавога. Нас загрузілі ў вагон, дзе з аднаго боку былі коні, а з другога—мы. Так нас завезлі ў горад Кантэнбург у канцлагер. У лагеры я сустрэлася з сваім бацькам. Адтуль нас павезлі ў лагер горада Граёў, а затым перакінулі ў жудасны лагер Берліна, дзе мы былі два тыдні ў холадзе і голадзе. Немцы згубілі нашы дакументы, і зноў над намі навісла пагроза смерці, але ўсё скончылася добра: знайшліся дакументы. Мы трапілі ў горад Нольфельд, дзе нас і вызваліла Савецкая армія. 3 ваеннымі мы былі сем месяцаў, там і працавалі. Бацька быў брыгадзірам. Вярнуліся ў сваю вёску на папялішча.
Лахвенскае гета
Непадалёку ад вёскі Любань размешчана мястэчка Лахва, якое мае багатую гісторыю. У гады вайны немцы размясцілі ў Лахве канцлагер. Жыхары нашай вёскі часта насілі ежу палонным.
Лахва была маленькім яўрэйскім мястэчкам у Лунінецкім раёне.
3 верасня 1942 г. стаў апошнім днём у векавой гісторыі лахвенскіх яўрэяў...
Гета ў мястэчку Лахва, якое размешчана на ўсход ад Пінска на чыгуначным напрамку Брэст — Гомель, з'явілася ў канцы сакавіка 1942 г. У Лахве былі яўрэі-мужчыны, якія засталіся ў жывых пасля расстрэлаў 1941 г., калі было знішчана мужчынскае насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў.
Гета складалася з 40 - 50 дамоў, і жыло там у агульнай колькасці крыху больш 2 тысяч чалавек. Умовы жыцця былі жудаснымі. У надзвычайнай цеснаце, у адным пакоі вымушаны былі туліцца па 3-4 сям'і. Амаль не было ежы. Жыхары гета хутка знясілелі. У адных пухлі ад голаду жываты, ацякалі ногі, адзенне ператварылася ў рыззё. Яўрэі не маглі пакідаць гета без дазволу нямецкіх улад. Тых, хто не падпарадкоўваўся, расстрэльвалі на месцы.
Раніцай 3.09.1942 г. гета было акружана групай паліцэйскіх. Знішчэнне Лахвенскага гета пачалося каля 9.00, пасля таго, як прыбыў атрад СД з Пінска, які перад гэтым расстраляў яўрэяў у Кажан-Гарадку, размешчаным у 7 км. Яўрэі былі выгнаны з дамоў, сагнаны на адкрытай пляцоўцы гета. Атрад ачаплення страляў з аўтаматаў без разбору па тых, хто ўцякаў, і па тых, хто заставаўся на плошчы. 3-за пажару і стральбы ў гета загінулі каля 800 чалавек. Каля 600 чалавек, пераважна старыя, жанчыны і дзеці, пакарыліся. Іх сагналі да ямы, размешчанай у 1,5 км ад гета, 25 м даўжынёй, 2 м шырынёй і 2,5 м глыбінёй.
Сінкевіцкае падполле
Вёска Сінкевічы размешчана ў 10 кіламетрах ад Любані.
Экспазіцыя налічвае 23 экспанаты, на якіх адлюстрованы фотаздымкі ўдзельнікаў Сінкевіцкага падполля.
Калі ў вёску Сінкевічы прыйшлі фашысты, яны з першых дзён паказалі свой “парадак”. Гітлераўцы схапілі сем актывістаў і закатавалі іх. Такім чынам яны хацелі напалохаць людзей. Камсамольцы вырашылі дзейнічаць і змагацца супраць ворага. Яны расклеілі па вёсцы лістоўкі з заклікам узняцца на барацьбу. Летам і восенню 1942 года партызаны разам з сінкевіцкімі падпольшчыкамі здзейснілі некалькі аперацый: разбілі гарнізоны на станцыі Сінкевічы і пусцілі пад адхон эшалон з боепрыпасамі. У пачатку 1943 года па даручэнню падпольнага Лунінецкага райкама партыі Сінкевіцкае падполле было раздзелена на групы. Такое размеркаванне абавязкаў дало большы эфект у рабоце падполля. У 1943 годзе пры непасрэдным удзеле камсамольцаў падпольшчыкаў было адпраўлена пад адхон восем эшалонаў, узарвана каля 200 метраў пуці, знішчана 18 аўтамашын і каля 100 гітлераўскіх салдат. Шмат слаўных баявых спраў у сінкевіцкіх падпольшчыкаў. З 23 камсамольцаў Сінкевіцкага падполля жывымі засталося толькі 8.
Ветэраны заўсёды побач
Экспазіцыя змяшчае звесткі аб ветэранах, іх успаміны, пералік узнагарод. Усяго экспанатаў – 15. На матэрыялах пра жыццёвы і ваенны шлях герояў выхоўваецца светапогляд падрастаючага пакалення.
Адчуць свой боль, каб усё жыццё дапамагаць другім
Нарадзіўся Янцэвіч Уладзімір Канстанцінавіч 17 верасня 1930 года ў Жыткавіцкім раёне. Да 15-гадовага ўзросту нічым не выдзяляўся сярод сваіх аднагодкаў. Гэтак жа, як і суседскія дзеці, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, вучыўся ў школе, з мамай і чатырма сёстрамі пераносіў нягоды жыцця на акупіраванай немцамі тэрыторыі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, з якіх год сям'я правяла ў лесе. Бяда прыйшла пасля вызвалення роднага краю. Каб матэрыяльна дапамагчы сям'і, запісаўся ў каманду па размініраванню тэрыторыі і збору трафеяў. Але нядоўга займаўся гэтай надзвычай небяспечнай справай. Міна ўзарвалася нечакана. Апрытомнеў... Над сабой убачыў заходзячае сонца, схіленыя разгубленыя твары сяброў і лужыну крыві пад сабой. Болю не адчуваў, але зразумеў, што памірае. Як і належыць мужнаму чалавеку, па звычцы ваеннага часу папрасіў: «Дабіце»...
Падагналі каня з вёскі. Незнаёмая дзяўчынка, рассцілаючы на возе посцілку, папрасіла: "Валодзечка, трымайся, ты будзеш жыць"... На глухой дарозе ў гэты час паказалася "палутарка", якая везла параненых байцоў у шпіталь (фронт тады яшчэ не паспеў адысці далёка). Ваенныя неадмовіліся ўзяць з сабой пакалечанага хлопца. На нагу налажылі шыну, зрабілі абязбольваючы ўкол.Аперыравалі на другі дзень. Без надзеі на тое, што хлапчук выжыве, проста ампуціравалі трэцюю частку пакалечанай нагі і аднеслі ў агульную «палату». (Пад часовы шпіталь быў прыстасаваны звычайны хлеў). Якое ж здзіўленне было ў медыкаў, калі юнак праз некаторы час апрытомнеў і папрасіў есці!
У 15 год Уладзімір вучыўся па-новаму хадзіць, цаніць і ўспрымаць жыццё. 3 пачаткам навучальнага года з дапамогай самаробных мыліц пайшоў у пяты клас. Але незалечаная нага ўвесь час балела. Рашэнне пайсці на чарговую аперацыю прыняў самастойна. Да бальніцы ў Жыткавічы дабіраўся пешшу: дванаццаць кіламетраў на адной назе... Амаль гэтак жа пасля аперацыі вяртаўся дамоў... У чарговы раз нагу "падкарацілі" яшчэ больш. Тым не менш, хлапчук не адчайваўся. Прага да жыцця была куды большай за нясцерпны боль. Трымаўся. Моц духу і штодзённыя заняткі фізічнай культурай дазволілі з адзнакай закончыць 7 класаў, а затым гэтак жа выдатна - і Пінскае медвучылішча. Накіравалі працаваць фельчарам у Любань... Неспакойны то быў час. На тэрыторыі Лунінеччыны дзейнічалі бандыцкія фарміраванні, ад іх куль гінулі людзі, ад падпалаў гарэла маёмасць. А яшчэ лютавалі хваробы: туберкулёз, малярыя, а сярод дзяцей - коклюш і адзёр. На ўчастку, дзе пражывала 3600 чалавек, пераважала хутарская сістэма. Таму асабліва цяжка было правесці прафілактычныя прышчэпкі. «Цёмны» ў гэтым сэнсе народ не садзейнічаў працы. Ходзячы пешшу па хатах, дзе ўгаворамі, а дзе запалохваннямі медыкі (а было яшчэ 2 фельчары без спецыяльнай адукацыі) усё ж здолелі прышчапіць усіх дзяцей да 14-гадовага ўзросту. Пазней, у 1961-ым, калі ў раёне панавала эпідэмія дыфтэрыі, ні адно дзіця на ўчастку ад гэтай страшнай хваробы не памерла. За гэта Уладзімір Канстанцінавіч атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. У Любані і навакольных вёсках нараджалася многа дзяцей. Нераз у непрыстасаваныхумовах Уладзіміру Канстанцінавічудаводзілася прымацьроды. Поруч на працягу30-ці гадоў гэтай справай займалася напорыстая, маючаявялікую вытрымкуакушэрка МатронаМаркаўна Дзем'яновіч,на жаль, пайшоўшая ўжоз жыцця.
Згадваючытой час, УладзімірКанстанцінавіч паўсур'ёзна прыгадвае, якноччу яго выклікалі нацяжкія роды на адзін зхутароў. Усё б нічога, дыў балоцістай мясцовасцігрузла яго самаробнаядраўляная нага, ніяк нельгабыло дахаты дабрацца. Давялося мужыкам самога доктара на насілкахнесці...
У Любані Уладзімір Канстанцінавіч сустрэў свой лёс. Разам выгадавалі дачок, далі ім адукацыю, дапамаглі ўладкавацца ў жыцці.
Як найкаштоўнейшую рэліквію, Уладзімір Канстанцінавіч разам са сваімі дакументамі, сярод якіх і пасведчанне да медаля «За працоўную доблесць», захоўвае публікацыі з «Ленінскай праўды», «Сталінца», «Советской Белоруссии», «Ленінскага шляху», дзе адлюстраваны яго - неаднаразовага дэпутата райсавета і сельсавета, агітатара за здаровы лад жыцця, заслужанага работніка аховы здароўя БССР - працоўны шлях. У 1992 годзе яму была прысвоена вышэйшая катэгорыя фельчара. 3 1995 года за заслугі перад Рэспублікай Беларусь ён дадаткова да сваёй інвалідскай пенсіі атрымлівае 30 тысяч рублёў. Але ж галоўная ўзнагарода - добрыя справы, што рабіў гэты Чалавек для людзей.
У маёй душы баліць Афганістан
Экспазіцыя змяшчае 32 экспанаты:
-фотаздымкі ваінаў-інтэрнацыяналістаў з вёскі Любань, Лахаўка, Перунова.
Усяго з нашай вясцовасці выконвалі інтэрнацыянальны абавязак 12 юнакоў. Найбольш каштоўнымі экспанатамі з’яўляюцца фотаздымкі ў час службы ў Афганістане, копіі пасведчання аб узнагароджванні, фотаздымкі медалёў. На стэндзе “Вайна забірае лепшых” змешчаны матэрыял аб юнаках Лунінеччыны, якія загінулі ў Афганістане. Задача экспазіцыі музея - захаваць памяць аб воінах, якія, нягледзячы ні на што, верныя прысязе, выконвалі баявы загад, абаранялі інтэрэсы сваёй Радзімы за яе межамі. Экспазіцыя музея дапамагае выхоўваць талерантнасць і цярплівасць у адносінах да іншых рэлігій, народаў, іншых поглядаў.
Па слядах памяці
Экспазіцыя аформлена з нагоды 65-гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і змяшчае 17 экспанатаў. Матэрыял пра жыццёвы і ваенны шлях ветэранаў, якія дажылі да сённяшняга часу, дапамагае больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй нашай вёскі ў гады вайны. Фотаздымкі адлюстроўваюць моманты святкавання Дня Перамогі.
Кацуба Іван Піліпавіч
Інваліду Вялікай Айчыннай вайны, ардэнаносцу з Лахаўкі, у 2009 годзе споўнілася 85 год, а між тым яго ўжо аплаківалі ў бацькоўскім доме, калі ў далёкім 44-ым атрымалі на 20-гадовага сына "пахаванку ". Пачарнела ад гора маці Пелагея Іванаўна, неяк адразу пастарэла жонка Вольга. Якой жа была нечаканая радасць, калі ўбачылі салдата жывым. Вяртаючыся на радзіму са шпіталя, схуднелы, з пакалечанай рукой, Іван сустрэў на дарозе сваю любую, якая вяла ў суседнюю вёску падкаваць каня. Зусім забылі пра справу: на крылах шчасця несліся на роднае селішча. Маці, якая завіхалася ў хаце, краем вока заўважыла, што нейкі салдат надта ж па-гаспадарску вядзе каня ў хлеў. Выбегла...і зайшлася гэткім крыкам, што са школы, якая знаходзілася непадалёк, выбеглі на вуліцу дзеці і настаўнікі.
Франтавое жыццё Івану выпала нядоўгім. Як і многія аднавяскоўцы, трапіў на фронт пасля вызвалення Лунінеччыны ў ліпені 1944 года. Некалькі месяцаў вучобы, і вось ужо "гатовы" снайпер - на перадавой пад Варшавай. Пацягнуліся звычайныя франтавыя будні, напоўненыя небяспекай. Варожыя кулі міналі маладога байца да 21 кастрычніка. Напярэдадні авалодалі горадам Сяроцк (Прусія). А фашысты ніяк не маглі пагадзіцца з чарговай няўдачай і на пазіцыі савецкіх войск направілі мінамётны і гарматны агонь. Адзін за адным гінулі аднапалчане. Накрыла і акоп, дзе быў Іван Кацуба. Яму "пашчасціла" - асколкам снарада параніла левую руку. Праўда, так, што на ўсё жыццё застаўся з двума не зусім паўнацэннымі пальцамі на ёй. Баец трапіў у шпіталь, а ў бацькоўскі дом, тым часам, пайшла "пахаванка'": не разабраліся ў ваеннай мітусні.
Пасля вайны працаваў агентам па сельгаснарыхтоўках, быў брыгадзірам у калгасе і адначасова старшынёй рэвізійнай камісіі, пасля ўвайшоў у брыгаду рыбакоў.
Памёр восенню 2009 года.
Заключэнне
75 гадоў назад скончылася самая жудасная і кравапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва, і з кожным годам значнасць Вялікай Перамогі не памяншаецца. Бессмяротны подзвіг пераможцаў назаўсёды застанецца ў памяці нашчадкаў.
З кожным годам радзее строй ветэранаў, а таму вельмі важна сабраць да крупінкі балючую праўду вайны. Гэта неабходна зрабіць для таго, каб наступныя пакаленні ўсвядомілі: вайна – найвялікшае зло супраць чалавецтва.
У музеі падзеіі Ваялікай Айчыннай вайны асветлены праз успаміны ветэранаў – удзельнікаў ваенных дзеянняў і ўспаміны маленькіх сведкаў вайны – дзяцей. Але ў музеіі няма звестак аб салдацкіх удовах, на чые плечы зваліўся цяжар фізічных і маральных пакут у ваенны і пасляваенны час. Ім таксама прыйшлося несалодка: адказнасць за выхаванне дзяцей, узнаўленне гаспадаркі, разбуранай вайной. Таму перад вучнямі школы стаіць задача на бліжэйшыя гады – сабраць матэрыял для экспазіцыі “Вайна ў лёсе жанчын вёскі”.
Жыццё чалавека – загадкавая з’ява са сваімі перажываннямі, радасцямі і трывогамі. І заўсёды выклікае ў нас цікавасць лёс чалавека, асабліва калі ён перажыў вайну.
раскрыть » / « свернуть